Паштовая станцыя
У старажытнасці для наладжвання гандлева-эканамічных сувязей карысталіся пераважна воднымі шляхамі, сухапутных дарог было вельмі мала.Брукаваныя дарогі на Беларусі пачалі будаваць з ХVII ст. Спачатку гэта былі невялікія ўчасткі шляхоў, што злучалі магнацкія сядзібы з бліжэйшымі гасцінцамі.
Пад час руска-швецкай вайны 1700-1721гг. па загаду Пятра I ў Беларусі будаваліся паштовыя дарогі і станцыі.
Найбольшая колькасць дарог пралягала ў канцы XVIII ст. праз Панямонне. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Расійскай імперыі напрамак шляхоў пачаў змяняцца. Найбольш буйной магістраллю ў канцы XVIII ст. была Маскоўска-Варшаўская шаша – праз Крычаў, Рагачоў, Бабруйск, Старыя Дарогі, Слуцк, Кобрын, Брэст. Улічваючы стратэгічнае значэнне гэтага тракта, расійскія імператары XIX ст. звярталі вялікую ўвагу на будаўніцтва і падтрыманне яго ў належным стане.
У пачатку XIX ст. на ўзноўленных трактах пачалі будавацца новыя паштовыя станцыі. Людзям у час падарожжа трэба было адпачыць, пераначаваць, падсілкавацца, даць адпачыць коням, падрамантаваць транспартныя сродкі. З гэтай мэтай уздоўж дарог на адлегласці 17-22 вярсты размяшчаліся станцыі з пастоем для гасцей і экіпажаў, стайней для коней, карчмой, кузняй.
Да сённяшняга часу на Старадарожчыне захаваліся будынкі паштовых станцый у весках Паськавы Горкі і Старыя Дарогі. Яны былі пабудаваны з цэглы на Маскоўска-Варшаўскай шашы. На станцыях знаходзіўся цэлы комплекс гаспадарчых і прамысловых памяшканняў – стайня для коней, адрыны для сена і экіпажаў, свіран, кузня са стальмашняй. У кузні праезджы падарожнік мог падкаваць каня, замяніць кола, ці зламаную вось, нацягнуць абады, падмазаць дзегцем восі, адрамантаваць вупраж.
У 1896 г. ад станцыі Асіповічы Лібава-Роменскай чыгуначнай веткі да станцыі Старыя Дарогі была пабудавана чыгунка. З цягам часу неабходнасць у конных транспартных сродках адпала, была налажана перавозка пошты па чыгуначным дарогам.
Прошча ў Шчыткавічах
Прыблізна ў 1910г., паводле сведчання знакамітага этнографа І.А. Сербава, каля в. Шчыткавічы, у лесе, была пабудавана Прошча. Яна, паводле ўяўленняў вернікаў, была надзелена незвычайнымі сіламі і ўласцівасцямі. Прошчам пакланяліся, іх наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, рабілі ахвярапрынашэнні (рушнікі, палатно, кветкі, ежу, грошы і інш.), кожную маладзіковую нядзелю там збіралася многа людзей, у асноўным жанчын, якія маліліся і бралі жмені зямлі з таго месца, дзе, паводле аповедаў мясцовых жыхароў в. Шчыткавічы, ляжаў младзенец і дзе з´яўляліся Маці Боская і Ісус Хрыстос. Святар адпраўляў у Шчыткавіцкай прыпісной царкве абедню, потым з хрэсным ходам ішоў на Прошчу і служыў там малебен.
Пясок на гэтым святым месцы лічыцца лячэбным спецыяльна ад жаночых і вочных хвароб. Спосаб «лячэння» ад хвароб раней быў такі: кожная асоба, жадаючая быць здаровай, ставіла крыж, а на крыжы прыбівала крыначку для ахвяравання грошай.
СВЯТА-ГЕОРГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА
Свята-Георгіеўская царква знаходзіца ў сяле Залужжа. Яна была пабудавана ў 18 стагоддзі. Па сваёй кампазіцыі вельмі падобная да шырока вядомай Свята-Міхайлаўскай царквы ў Слуцку, якая ўцалела да нашых дзён. Яе прытвор, неф, алтар завяршаліся двух-трохяруснымі аб'ёмамі з шатровым дахам і бабінцам.
У 1795 годзе гэтая царква адна з першых у Беларусі была далучаная з уніі да праваслаўя. Настаяцелем храма быў свяшчэннік Гаўрыіл Салаўевіч, які скончыў Слуцкую богачасцівую семінарыю, Віленскую акадэмію і быў пасвечаны ў іерэі архіепіскапам Мінскім і Валынскім Віктарам (Садкоўскім). У той час у прыход царквы ўваходзіла толькі адно Залужжа, якое налічвала 109 двароў, 840 жыхароў.
Пасля агляду ў 1872 годзе інжынерам Усяволжскім, было прызнана, што храм «не прыдатны да папраўкі». Было вырашана пабудаваць новую царкву, але з-за недахопу сродкаў справа зацягнулася на тры дзесяцігоддзі.
У 1903 годзе ў Залужжы ўзвялі новы драўляны храм, як і ранейшы, асвяціўшы яго ў імя Святога Вялікамучанікa Георгія Перамаганосца. Вядома, што ў гэты час настаяцелем царквы быў свяшчэннік Платон Львовіч Заўсцінскі. Ён праслужыў тут да 1927 года. Пахаваны быў на тэрыторыі царквы. Дакладнае месца пахавання дагэтуль не ўстаноўлена.
Пасля смерці бацькі Платона настаяцелем царквы быў прызначаны свяшчэннік Уладзімір Талюш, сёння кананізаваны Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы ў лік святых як свяшчэннамучанік. 19 красавіка 1933 года ён быў арыштаваны за спробу збору з вернікаў сродкаў, неабходных для выплаты падатку з царквы. Пасля прыгавору храм быў зачынены. Адразу пасля вайны з царквы былі скінуты купалы і званіца, а будынак прыстасавана пад клуб. У 1991 годзе храм быў вернуты Праваслаўнай Царкве. Першым настаяцелем пасля вяртання храма быщ свяшчэннік Леанід Верамейчык. Яго працай была адноўлена алтарная перагародка, абшыта невялікая частка сцен ўнутры і ўстаноўлены невялікі купал над цэнтральнай частцы храма. В 1996 годзе правы бок храма быў пераабсталяваны ў зімні прыдзел ў гонар свяціцеля Лаўрэнція, епіскапа Тураўскага.
Ў храме знаходзяцца часціцы святых машчэй: свяціцеля Лаўрэція епіскапа Тураўскага, прападобнага Аляксандра Свірскага, прападобнага Лаўрэнція Чарнігаўскага, праведнага Іоанна Кармянскага, прападобнага Карнілія Крыпецкага, прападобнай Аляксандры Дзівеяўскай, прападобнай Марфы Дзівеяўскай.
МІР-ГАРА
Вельмі цікавым помнікам Старадарожчыны, пра які складзена шмат паданняў, з’яўляецца Мір-гара. Знаходзіцца яна каля вёскі Новы Рабак, недалёка ад мяжы Старадарожскага і Слуцкага раёнаў. Гара мае прыродны характар і, як лічыцца, была ўтворана пад час дзейнасці ледавіка. Па меркаванні навукоўцаў, яна стала паганскім капішчам – месцам, дзе адбываліся рэлігійныя рытуалы язычнікаў. Паблізу знаходзяцца старажытныя пахаваніі. Менавіта адсюль і магла пайсці ранейшая назва гары – Святая гара. Па паданні, на гары некалі расла сасна, і аднойчы на ёй цудоўным чынам з'явіўся абраз. Мінаў час, і ад Святой Сасны застаўся толькі пень, на які доўгі час раз на год, на Пакравы, сяляне зносілі: масла, сыр, мёд, палатно і іншыя ахвяры. Пасля над гэтым пнём была пабудавана драўляная царква з купалам, якая насіла назву Свята-Пакроўская і была заснавана князёўнай Соф'яй Слуцкай, жонкай князя Януша Радзівіла. Гэта адбылося ў XVII стагоддзі. З таго часу, на Пакравы, тут пачалі адбывацца вялікія святы і кірмашы, сюды з'язджаліся сяляне, рамеснікі, купцы, з вёсак і мястэчкаў Случчыны, Старадарожчыны і Любаншчыны. Калі Соф'я Слуцкая была далучана праваслаўнай царквой да ліку святых, яе абраз змясцілі ў той царкве. І людзі перш, чым пачаць гандаль, маліліся Святой Соф'і Слуцкай. Праз некалькі стагоддзяў царква спарахнела і ў 1867 годзе была пабудавана новая на грошы цітулярнага саветніка М. Я. Пігулеўскага. Пры Савецкай уладзе ў 1933 годзе царка была разабрана атэістамі з вёскі Сорагі і больш ужо не адноўлена. Старыя расказвалі, што званы пад час набажэнстваў чулі далёка ў навакольных вёсках. На месцы ж, дзе стаяла царква, былі знойдзены каваныя цвікі, а ў 1995 годзе быў пастаўлены крыж, да якога і сёння прыходзяць вернікі.
Яшчэ адно з паданняў пра гэта месца паведамляе, што недзе тут на пні, пад час Паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй (1700 -1721), рускі цар Пётр І і швецкі кароль Карл ХІІ падпісалі мірнае пагадненне. Таму, маўляў, і назвалі месца Мір-гарой.
КАМЕНЬ-ВАЛУН
У сівую даўніну беларусы, як і большасць старажытных народаў, шанавалі камяні і адводзілі ім значную ролю ў сваім жыцці. Існуе меркаванне, што самыя вялікія з іх былі калісьці волатамі, а пазней, за грахі перад небам, былі ператвораны ў камяні.
Каля вёскі Фалічі ёсць камень-валун. Яго вышыня на павехні прыблізна каля 3-х метраў, шырыня – каля 6-ці метраў. Спроба перавесці гэты камень на іншае месца і выкарыстоўваць яго як экспанат аказалася марнай, бо камень яшчэ глыбока знаходзіцца ў зямлі. Так і застаўся ён на сваім месцы, як маўклівы сведка даўніх гістарычных падзей…
КАМЕНЬ-СЛЕДАВІК
Некаторыя камяні лічацца цудадзейнымі. Да іх адносяцца камні-следавікі. Яны маюць выбіты прыродай слядок рукі або нагі. Па меркавннях людзей гэта было звязана з дзейнасцю Багародзіцы, Хрыста і апосталаў.
Каля вёскі Старыя Дарогі таксама ёсць такі помнік старажытнасці. Па расказах старэйшых жыхароў камень-следавік ляжаў паблізу старых могілак. Вяскоўцы шанавалі гэты камень, казалі, што на ім след Божай Маці. Калі ў савецкія часы праводзілася меліярацыя, старыя могілкі былі знесены, і усе камяні былі звезены ў розныя месцы.
Месцазнаходжанне камня-следавіка доўгі час заставалаяся загадкай. Зусім нядаўна гэты камень быў знойдзены паблізу цяперашніх могілак.
ВОЗЕРА СКАЧАЛЬСКАЕ
Прыхаванае сярод лясоў возера Скачальскае не выпадкова лічыцца найбольш таямнічым і загадкавым на Старадарожчыне. І да цяперашняй пары не дастаткова даследаваны як акутаная лягендамі гісторыя яго паходжання, так і незвычайныя ўласцівасці вады.
Існуе паданне, паводле якога возера з'явілася на тым месцы, дзе правалілася царква. Другое апавяданне сведчыць, што шмат гадоў таму назад, у час вялікай засухі, кавалак балота, на месцы якога знаходзіцца возера, ад вялікай спякоты запаліўся, пагарэўшае месца асунулася і запоўнілася вадой. Бясспрэчным з'яўляецца тое, што яно з кожным годам павялічваецца з прычыны абвалу берагоў. Старыя казалі, што іх дзяды памяталі, як змест возера быў невялічкі ставок ці прыродная сажалка. Ні з якімі рэчкамі і канавамі возера не злучана. Найбольшая глыбіня яго каля берагоў. А пасярэдзіне нібы падводная выспа з ілаватым грунтам.
Скачальскае возера знаходзіцца ў бассейне ракі Пціч. Плошча возера – 0,45 км2, даўжыня – 0,9 км, найбольшая шырыня – 0,67 км, берагавая лінія даўжынёй 2 км 530 м.
Возера карыстаецца папулярнасцю сярод жыхароў раёна і шматлікіх гасцей з іншых мясцін. Яны вераць, што Скачальскае валодае лекавымі ўласцівасцямі. Некаторыя штогод прыязджаюць сюды на аздараўленне і зазначаюць, што адчуваюць сябе намнога лепш. Спецыялісты мясцовай інспекцыі па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя знайшлі гэтаму сваё пацверджанне. Вада возера адметная павышаным утрыманнем у ёй кіслароду. Ну, а адпачываючыя ў адзін голас сцвярджаюць, што купанне ў Скачальскім здымае стомленасць, надае бадзёрасць і прыбаўляе сіл. Таму спякотным летнім днём на возеры вельмі шматлюдна.